ПРАЕКТ
Закон Рэспублікі Беларусь "Аб бюджэтах грамадзянскага ўдзелу"
ГЛАВА 1. АГУЛЬНЫЯ ПАЛАЖЭННІ
Артыкул 1. Прадмет рэгулявання закона
1. Гэты Закон вызначае прававыя, арганізацыйныя і фінансавыя асновы ўключэння грамадзян у размеркаванне часткі сродкаў мясцовых бюджэтаў для вырашэння пытанняў мясцовага значэння, а таксама рэгламентуе парадак фармавання, конкурснага адбору і рэалізацыі праектаў грамадзянскага ўдзелу.
Артыкул 2. Асноўныя тэрміны, якія прымяняюцца ў законе
1. Бюджэт грамадзянскага ўдзелу (партысіпатыўны бюджэт) — асаблівая форма грамадскіх кансультацый па пытанню расходавання часткі сродкаў мясцовага бюджэту, што выдзяляюцца для фінансавання праектаў (грамадзянскіх ініцыятыў), прапанаваных і выбраных непасрэдна жыхарамі адпаведнай Грамады.
2. Праект грамадзянскага ўдзелу (грамадзянская ініцыятыва) - праектная прапанова грамадзян, накіраваная на добраўпарадкаванне тэрыторыі, развіццё сацыяльнай інфраструктуры, правядзенне культурных або экалагічных мерапрыемстваў і вырашэнне іншых пытанняў мясцовага значэння ў межах Грамады.
3. Праектная камісія - калегіяльны орган пры мясцовым органе самакіравання, які ажыццяўляе тэхнічную экспертызу і каардынацыю конкурснага адбору, адказны за ўкараненне і рэалізацыю бюджэту грамадзянскага ўдзелу.
Артыкул 3. Прынцыпы партысіпатыўнага бюджэтавання.
1. Бюджэты грамадзянскага ўдзелу заснаваны на празрыстасці, добраахвотнасці і роўных магчымасцях.
2. У працэсе рэалізацыі партысіпатыўнага бюджэтавання забяспечваецца:
- Даступнасць інфармацыі - уся інфармацыя аб пададзеных ініцыятывах, экспертнай ацэнцы праектаў, галасаванні і выдзяленні сродкаў публікуецца адкрыта;
- Зразумелыя правілы - дакладныя і простыя крытэры для адбору ініцыятыў, якія выключаюць закрытыя рашэнні чыноўнікаў;
- Роўныя правы - кожны жыхар або група грамадзян могуць падаць сваю ідэю і ўдзельнічаць у галасаванні;
- Вырашальны голас - жыхары самі выбіраюць лепшыя праекты шляхам прамога галасавання;
- Абавязковасць – грамадзянскія ініцыятывы, якія перамаглі, не могуць быць выдаленыя або істотна змененыя органамі самакіравання пры фарміраванні бюджэту;
- Грамадскі кантроль - грамадзяне кантралююць, як менавіта ўвасабляюцца ў жыццё абраныя імі ідэі і выдаткоўваюцца грошы.
Артыкул 4. Заканадаўства аб бюджэтах грамадзянскага ўдзелу.
1. Заканадаўства грунтуецца на Канстытуцыі Рэспублікі Беларусь, Законе "Аб мясцовым самакіраванні ў Рэспубліцы Беларусь", Бюджэтным кодэксе і складаецца з гэтага Закона і іншых актаў заканадаўства.
ГЛАВА 2. СУБ'ЕКТЫ І ОРГАНЫ, ЯКІЯ ЗАБЯСПЕЧВАЮЦЬ ГРАМАДЗЯНСКІ УДЗЕЛ
Артыкул 5. Правы грамадзян на ўдзел у бюджэтным працэсе.
1. Грамадзяне Рэспублікі Беларусь, замежныя грамадзяне і асобы без грамадзянства, якія пастаянна пражываюць на тэрыторыі адпаведнай Грамады і дасягнулі ўзросту 18 гадоў, маюць права:
- падаваць праектныя прапановы;
- удзельнічаць у публічных абмеркаваннях праектаў;
- галасаваць за праекты для іх наступнага фінансавання.
Артыкул 6. Паўнамоцтвы Рады Грамады:
1. Рада Гамады:
- зацвярджае штогадовы аб'ём фінансавання бюджэту грамадзянскага ўдзелу;
- зацвярджае Палажэнне аб бюджэце грамадзянскага ўдзелу Грамады з падрабязным графікам яго рэалізацыі;
- Кантралюе мэтавае выкананне бюджэтных сродкаў.
Артыкул 7. Паўнамоцтвы мясцовых выканаўчых і распарадчых органаў
1. Управа Грамады (адміністрацыя раёна):
- стварае праектную камісію, у склад якой уключаюцца спецыялісты Управы, прадстаўнікі профільных службаў, дэпутаты Рады Грамады, незалежныя эксперты, прадстаўнікі тэрытарыяльных органаў самакіравання;
- арганізуе збор праектных прапаноў ад грамадзян;
- вызначае месца размяшчэння экспазіцыі праектаў грамадзянскага ўдзелу і парадак доступу грамадзян;
- арганізуе публічную прэзентацыю праектаў грамадзянскага ўдзелу іх аўтарамі і абмеркаванне праектаў;
- забяспечвае размяшчэнне праектаў грамадзянскага ўдзелу на ўласных інфармацыйных рэсурсах у глабальнай камп'ютарнай сетцы Інтэрнэт;
- аказвае садзейнічанне ў правядзенні тэхнічнай, прававой і фінансавай экспертызы праектаў;
- арганізуе працэс галасавання;
- выступае заказчыкам па рэалізацыі праектаў-пераможцаў.
Артыкул 8. Функцыі праектнай камісіі.
1. Збор і праверка пададзеных грамадзянскіх ініцыятыў на адпаведнасць правілам падачы.
2. Правядзенне экспертызы на прадмет актуальнасці, рэалістычнасці затрат і тэхнічнай магчымасці рэалізаваць праект.
3. Зацвярджэнне спісу грамадзянскіх ініцыятыў, якія выносяцца на галасаванне.
4. Падвядзенне вынікаў галасавання і зацвярджэнне спісу праектаў, на якія будзе выдзелена фінансаванне.
5. Маніторынг працэсу рэалізацыі праектаў.
ГЛАВА 3. ФІНАНСАВАЕ ЗАБЕСПЯЧЭННЕ
Артыкул 9. Крыніцы і аб'ёмы фінансавання.
1. Аб'ём сродкаў бюджэту грамадзянскага ўдзелу ўстанаўліваецца рашэннем Рады Грамады пры зацвярджэнні бюджэту на чарговы фінансавы год.
2. Фінансаванне ажыццяўляецца ў памеры не менш 1 працэнту ад аб'ёму ўласных даходаў бюджэту Грамады.
3. Дапускаецца суфінансаванне праектаў за кошт добраахвотных унёскаў фізічных і юрыдычных асоб у памеры, які не перавышае 20 працэнтаў ад кошту праекта.
Артыкул 10. Формы суфінансавання праектаў грамадзянскага ўдзелу.
1. Фінансавы ўдзел - прамы грашовы ўзнос на спецыяльны дабрачынны або мэтавы рахунак мясцовага выканаўчага камітэта.
2. Нефінансавы (працоўны/маёмасны) удзел - выкананне работ самімі жыхарамі, прадастаўленне матэрыялаў або бясплатнае праектаванне. Такі ўдзел ацэньваецца ў грашовым эквіваленце па рыначным кошце і ўключаецца ў каштарыс.
ГЛАВА 4. ПАРАДАК ФАРМАВАННЯ І АДБОРУ ПРАЕКТАЎ
Артыкул 11. Сферы дзейнасці, на якія могуць быць накіраваны праекты грамадзянскага ўдзелу.
1. Добраўпарадкаванне і гарадское асяроддзе:
- Дваровыя тэрыторыі: устаноўка сучасных дзіцячых гульнявых комплексаў, добраўпарадкаванне зон варкаўта, замена лаваў, мадэрнізацыя кантэйнерных пляцовак для раздзельнага збору смецця.
- Зялёныя зоны: стварэнне або рэнавацыя міні-сквераў, добраўпарадкаванне экасцежак, закупка і высадка дэкаратыўных дрэў і кустоў, усталёўка паркавага асвятлення.
- Пешаходная інфраструктура: рамонт або пракладка пешаходных дарожак, устаноўка велапарковак, арганізацыя безбар'ернага асяроддзя (пандусы, паніжэнне бардзюраў).
2. Сацыяльна-культурныя і адукацыйныя ініцыятывы:
- Грамадскія прасторы: уладкаванне каворкінга або лекторыяў пад адкрытым небам, рамонт раённых бібліятэк са стварэннем сучасных чытальных зон.
- Спартыўныя аб'екты: стварэнне адкрытых баскетбольных, валейбольных ці футбольных міні-палёў у дварах, усталёўка сталоў для настольнага тэніса.
- Лакальная гісторыя і турызм: усталёўка інфармацыйных стэндаў з QR-кодамі аб гісторыі раёна, добраўпарадкаванне мясцовых помнікаў, стварэнне арт-аб'ектаў або муралаў на фасадах будынкаў.
3. Экалогія і бяспека.
- Экалагічныя праекты: ачыстка і добраўпарадкаванне берагавых ліній мясцовых вадаёмаў, добраўпарадкаванне пляцовак для выгулу і дрэсіроўкі сабак.
- Бяспека жыццядзейнасці: усталёўка дадатковых камер відэаназірання ў дварах, паляпшэнне асвятлення небяспечных пешаходных пераходаў або падыходаў да школ.
4. Іншыя пытанні мясцовага значэння інфраструктурнай або сацыяльна-культурнай накіраванасці.
Артыкул 12. Патрабаванні да праектаў грамадзянскага ўдзелу.
1. Праектныя прапановы грамадзян павінны адпавядаць наступным крытэрыям:
- Накіраванасць на вырашэнне пытанняў мясцовага значэння:
- рэалізаванасць на працягу аднаго фінансавага года;
- знаходжанне аб'екта праекта выключна на землях камунальнай уласнасці;
- свабодны і бясплатны доступ жыхароў да вынікаў рэалізацыі праекту.
Артыкул 13. Забарона фінансавання ў рамках закона.
1. Забараняецца выдзяляць фінансаванне на праекты, накіраваныя на:
- камерцыйныя мэты або атрыманне прыбытку прыватнымі асобамі;
- рэалізацыю на прыватных тэрыторыях або землях прадпрыемстваў;
- куплю толькі праектнай дакументацыі без наступнага будаўніцтва;
- бягучае ўтрыманне апарата Управы або выплату прэмій.
Артыкул 14. Склад праекта грамадзянскага ўдзелу.
1. Праект грамадзянскага ўдзелу павінен уключаць у сябе наступныя кампаненты:
- Пашпарт праекта (апісанне праблемы, графічныя матэрыялы, мэты, задачы, геаграфія і тэрміны рэалізацыі);
- Звесткі аб аўтарах (Прозвішча, Імя, Імя па бацьку, пашпартныя дадзеныя, кантакты);
- Фінансава-эканамічнае абгрунтаванне (разлік выдаткаў, доля суфінансавання ад насельніцтва ці фундатараў);
- Прыкладанні (подпісы ў падтрымку, гарантыйныя лісты, фотаматэрыялы).
Артыкул 15. Парадак падачы праектных прапаноў.
1. Збор праектаў праводзіцца штогод у перыяд з 1 сакавіка да 30 красавіка.
2. Праект можа быць пададзены грамадзянінам аднаасобна, групай грамадзян альбо органам тэрытарыяльнага грамадскага самакіравання (камітэтам тэрытарыяльнага грамадскага самакіравання, старастам).
3. Падача грамадзянскіх ініцыятыў ажыццяўляецца ў электронным выглядзе праз спецыялізаваную дзяржаўную лічбавую платформу або на папяровым носьбіце ва Управу Грамады.
Артыкул 16. Экспертыза і допуск праектаў да галасавання.
1. Праектная камісія на працягу 45 дзён з дня заканчэння прыёму заявак праводзіць ацэнку праектаў на прадмет:
- адпаведнасці заканадаўству і генеральнаму плану населенага пункта;
- рэалістычнасці каштарыснай кошту;
- адсутнасці дубліравання з ужо запланаванымі дзяржаўнымі праграмамі;
2. Рашэнне аб допуску праекта да галасавання або яго адхіленні прымаецца 2/3 галасоў членаў праектнай камісіі.
3. Адхіленне праекту па матывах немэтазгоднасці не дапушчаецца. Рашэнне аб адхіленні павінна быць матываванае тэхнічнымі ці прававымі абмежаваннямі і апублікаванае на афіцыйным сайце Грамады.
Артыкул 17. Галасаванне грамадзян і вызначэнне пераможцаў.
1. Галасаванне па дапушчаных праектах праводзіцца на працягу 30 каляндарных дзён праз Адзіную сістэму ідэнтыфікацыі фізічных і юрыдычных асоб.
2. Кожны грамадзянін мае права аддаць толькі адзін голас у межах сваёй Грамады.
3. Пераможцамі прызнаюцца праекты, якія набралі найбольшую колькасць галасоў жыхароў, у межах агульнага ліміту сродкаў, выдзеленых на бюджэт грамадзянскага ўдзелу.
ГЛАВА 5. РЭАЛІЗАЦЫЯ І КАНТРОЛЬ
Артыкул 18. Рэалізацыя праектаў-пераможцаў.
1. Праекты-пераможцы ўключаюцца асобным радком у пералік мерапрыемстваў дзяржаўных і рэгіянальных праграм на чарговы фінансавы год.
2. Закупкі тавараў (работ, паслуг) для рэалізацыі праектаў ажыццяўляюцца ў адпаведнасці з заканадаўствам аб дзяржаўных закупках.
3. Аўтары праектаў маюць права прымаць удзел у пасяджэннях конкурсных камісій па закупках і ажыццяўляць грамадскі маніторынг ходу выканання работ.
Артыкул 19. Празрыстасць, справаздачнасць і інфармацыйнае забеспячэнне.
1. Управа Грамады размяшчае ў адкрытым доступе на сваёй лічбавай платформе:
- інфармацыю аб ходзе рэалізацыі кожнага праекта на ўсіх этапах (праектаванне, закупкі, будаўніцтва);
- акты выкананых работ і фінансавыя справаздачы;
- фота- і відэасправаздачы да і пасля рэалізацыі праекта.
ГЛАВА 6. ЗАКЛЮЧНЫЯ ПАЛАЖЭННІ
Артыкул 20. Адказнасць за парушэнне гэтага Закона
1. Парушэнне палажэнняў гэтага Закона, уключаючы нямэтавае выкарыстанне сродкаў бюджэту грамадзянскага ўдзелу або фальсіфікацыю вынікаў галасавання, прыводзіць да адказнасці ў адпаведнасці з заканадаўчымі актамі.
Артыкул 21. Уступленне ў сілу гэтага Закона
1. Гэты Закон уступае ў сілу праз шэсць месяцаў пасля яго афіцыйнага апублікавання.