САЦЫЯЛЬНЫ ДЫЯЛОГ

Напрамак рэформы
Год распрацоўкі

КАНЦЭПЦЫЯ

Закона Рэспублікі Беларусь «Аб сацыяльным дыялогу»

Рэфармаванне заканадаўства Рэспублікі Беларусь у сферы працоўных адносін і сацыяльнага дыялогу

Кароткае апісанне

Сацыяльны дыялог з'яўляецца адным з асноўных механізмаў удзелу работнікаў і наймальнікаў у фарміраванні дзяржаўнай сацыяльна-эканамічнай палітыкі і рэгуляванні працоўных адносін. Ён уключае перамовы, кансультацыі і абмен інфармацыяй паміж дзяржавай, арганізацыямі работнікаў і арганізацыямі наймальнікаў па пытаннях, якія ўяўляюць узаемны інтарэс у эканамічнай, сацыяльнай і працоўнай сферы.

Дзеючае заканадаўства Рэспублікі Беларусь змяшчае асобныя элементы сацыяльнага партнёрства і калектыўных перамоваў, аднак існуючая мадэль не забяспечвае незалежнага і раўнапраўнага ўдзелу бакоў. Дзяржаўнае ўмяшанне ў дзейнасць прафесійных саюзаў, ліквідацыя незалежных прафсаюзных арганізацый, адсутнасць аб'ектыўнай працэдуры вызначэння прадстаўнічасці і фактычная манапалізацыя прадстаўніцтва работнікаў зрабілі паўнавартасны сацыяльны дыялог немагчымым.

Рэформа прадугледжвае прыняцце асобнага Закона Рэспублікі Беларусь «Аб сацыяльным дыялогу», сістэмную змену адпаведных палажэнняў Працоўнага кодэкса, заканадаўства аб прафесійных саюзах, арганізацыях наймальнікаў і калектыўных працоўных спрэчках. Новая сістэма павінна забяспечыць рэальны сацыяльны дыялог на нацыянальным, галіновым, тэрытарыяльным узроўнях і на ўзроўні прадпрыемстваў.

Праблемы, на вырашэнне якіх накіравана рэформа

  • адсутнасць рэальных гарантый незалежнасці прафесійных саюзаў і арганізацый наймальнікаў ад органаў дзяржаўнай улады;
  • умяшанне дзяржавы і наймальнікаў у стварэнне і дзейнасць арганізацый работнікаў;
  • адсутнасць умоў для свабоднай дзейнасці незалежных прафесійных саюзаў;
  • адсутнасць празрыстых і аб'ектыўных крытэрыяў вызначэння прадстаўнічасці арганізацый работнікаў і наймальнікаў;
  • магчымасць фактычнай манапалізацыі прадстаўніцтва работнікаў адной арганізацыяй;
  • адсутнасць роўнага доступу прадстаўнічых арганізацый работнікаў да органаў сацыяльнага дыялогу;
  • фармальны характар трохбаковых кансультацый і абмежаваная роля Нацыянальнага савета па працоўных і сацыяльных пытаннях;
  • адсутнасць абавязковага папярэдняга абмеркавання з сацыяльнымі партнёрамі рашэнняў, якія істотна ўплываюць на працоўныя і сацыяльна-эканамічныя правы;
  • недастатковае развіццё галіновага і тэрытарыяльнага сацыяльнага дыялогу;
  • абмежаваная роля калектыўных перамоваў у рэгуляванні ўмоў працы і заработнай платы;
  • адсутнасць эфектыўных механізмаў атрымання арганізацыямі работнікаў інфармацыі, неабходнай для перамоваў;
  • недастатковыя гарантыі абароны прадстаўнікоў работнікаў;
  • адсутнасць дзейснай сістэмы незалежнага пасярэдніцтва і працоўнага арбітражу;
  • празмерныя абмежаванні права работнікаў на калектыўныя дзеянні;
  • сімвалічная рэкамендацыйная роля трохбаковых пагадненняў на ўсіх узроўнях.

Асноўныя мэты і задачы рэформы

Мэта рэформы — стварэнне незалежнай, прадстаўнічай і ўстойлівай сістэмы сацыяльнага дыялогу, якая забяспечвае рэальны ўдзел работнікаў і наймальнікаў у рэгуляванні працоўных адносін і фарміраванні дзяржаўнай сацыяльна-эканамічнай палітыкі.

  • вызначыць паняцце, прынцыпы, бакі, формы і ўзроўні сацыяльнага дыялогу;
  • забяспечыць незалежнасць арганізацый работнікаў і наймальнікаў;
  • устанавіць празрысты механізм вызначэння прадстаўнічасці сацыяльных партнёраў;
  • выключыць магчымасць адміністрацыйнай або гістарычна ўнаследаванай манаполіі на прадстаўніцтва работнікаў;
  • стварыць пастаянна дзеючыя трохбаковыя органы сацыяльнага дыялогу;
  • вызначыць пералік пытанняў, па якіх кансультацыі з сацыяльнымі партнёрамі з'яўляюцца абавязковымі;
  • забяспечыць развіццё свабодных калектыўных перамоваў;
  • гарантаваць арганізацыям работнікаў доступ да інфармацыі, неабходнай для перамоваў і кансультацый;
  • устанавіць эфектыўныя гарантыі дзейнасці прадстаўнікоў работнікаў;
  • стварыць незалежныя механізмы пасярэдніцтва і працоўнага арбітражу;
  • забяспечыць адказнасць за ўмяшанне ў дзейнасць сацыяльных партнёраў і парушэнне заканадаўства аб сацыяльным дыялогу;
  • прывесці заканадаўства Рэспублікі Беларусь у адпаведнасць з міжнароднымі працоўнымі стандартамі;
  • вызначыць ролю, функцыі і адказнасць дзяржаўных органаў у працэсе сацыяльнага дыялогу.

Крокі па рэалізацыі рэформы

Прыняць Закон Рэспублікі Беларусь «Аб сацыяльным дыялогу».

Перагледзець адпаведныя главы Працоўнага кодэкса і ўзгадніць іх нормы з новым законам.

Прыняць новае заканадаўства аб прафесійных саюзах, заснаванае на прынцыпах свабоды аб'яднання і калектыўных перамоваў.

Устанавіць празрыстыя правілы стварэння і дзейнасці арганізацый і аб'яднанняў наймальнікаў.

Рэфармаваць сістэму вырашэння калектыўных працоўных спрэчак.

Стварыць незалежныя механізмы пасярэдніцтва і працоўнага арбітражу.

Забяспечыць удзел арганізацый работнікаў і наймальнікаў у падрыхтоўцы нарматыўных прававых актаў, якія закранаюць сацыяльна-працоўныя правы.

Стварыць новую інстытуцыянальную сістэму сацыяльнага дыялогу на ўсіх узроўнях.

Асноўныя палажэнні Закона «Аб сацыяльным дыялогу»

1. Асноўныя паняцці

Сацыяльны дыялог — сістэма перамоваў, кансультацый і абмену інфармацыяй паміж арганізацыямі работнікаў, арганізацыямі наймальнікаў і органамі дзяржаўнай улады па пытаннях эканамічнай, сацыяльнай і працоўнай палітыкі і рэгулявання сацыяльна-працоўных адносін.

Двухбаковы сацыяльны дыялог ажыццяўляецца паміж арганізацыямі работнікаў і наймальнікамі альбо іх арганізацыямі. Трохбаковы сацыяльны дыялог ажыццяўляецца паміж прадстаўнічымі арганізацыямі работнікаў, прадстаўнічымі арганізацыямі наймальнікаў і дзяржавай.

Сацыяльныя партнёры — незалежныя арганізацыі работнікаў і арганізацыі наймальнікаў, якія ўдзельнічаюць у сацыяльным дыялогу. Прадстаўнічая арганізацыя — арганізацыя работнікаў або наймальнікаў, якая адпавядае ўстаноўленым законам аб'ектыўным крытэрыям прадстаўнічасці.

Калектыўныя перамовы — перамовы паміж наймальнікам, групай наймальнікаў або арганізацыяй наймальнікаў, з аднаго боку, і адной альбо некалькімі арганізацыямі работнікаў — з другога, накіраваныя на вызначэнне ўмоў працы і занятасці, рэгуляванне адносін паміж работнікамі і наймальнікамі альбо паміж іх арганізацыямі.

Тэрмін «наймальнікі» ўключае ў сябе і працадаўцаў прыватнай формы ўласнасці.

2. Асноўныя прынцыпы сацыяльнага дыялогу

  • свабода аб'яднання;
  • незалежнасць арганізацый работнікаў і наймальнікаў;
  • раўнапраўе бакоў і аўтаномія сацыяльных партнёраў;
  • добраахвотнасць удзелу;
  • прадстаўнічасць і прафсаюзны плюралізм;
  • невмяшанне органаў дзяржаўнай улады і наймальнікаў ва ўнутраную дзейнасць арганізацый работнікаў;
  • добрасумленнасць перамоваў;
  • узаемная павага інтарэсаў бакоў;
  • даступнасць інфармацыі і празрыстасць працэдур;
  • адказнасць за прынятыя абавязацельствы;
  • абавязковасць выканання калектыўных дагавораў і пагадненняў;
  • імкненне бакоў да мірнага вырашэння калектыўных працоўных канфліктаў.

Дзяржава забяспечвае прававыя і інстытуцыянальныя ўмовы для сацыяльнага дыялогу, але не мае права ўмешвацца ва ўнутраную дзейнасць арганізацый работнікаў і наймальнікаў, вызначаць іх пазіцыі або прызначаць іх прадстаўнікоў.

3. Бакі сацыяльнага дыялогу

З боку работнікаў удзельнікамі сацыяльнага дыялогу з'яўляюцца прафесійныя саюзы і іх аб'яднанні; з боку наймальнікаў — наймальнікі, арганізацыі і аб'яднанні наймальнікаў; з боку дзяржавы — Урад Рэспублікі Беларусь, рэспубліканскія органы дзяржаўнага кіравання і органы мясцовага кіравання і самакіравання ў межах іх кампетэнцыі.

Кожны бок сацыяльнага дыялогу самастойна вызначае сваіх прадстаўнікоў. Прызначэнне, узгадненне або зацвярджэнне дзяржавай прадстаўнікоў арганізацый работнікаў або наймальнікаў не дапускаецца.

4. Незалежнасць арганізацый работнікаў

Работнікі маюць права без папярэдняга дазволу ствараць прафесійныя саюзы па сваім выбары і ўступаць у такія арганізацыі выключна па ўласным жаданні. Органы дзяржаўнай улады і наймальнікі абавязаны стрымлівацца ад любога ўмяшання, здольнага абмежаваць гэта права альбо перашкодзіць яго ажыццяўленню ў формах:

  • стварэнне прафесійных саюзаў па ініцыятыве наймальніка або дзяржаўнага органа;
  • фінансаванне альбо іншая падтрымка арганізацый работнікаў з мэтай устанаўлення над імі кантролю;
  • умяшанне наймальніка ў выбары органаў прафесійнага саюза;
  • прымус работнікаў да ўступлення ў пэўны прафесійны саюз альбо выхаду з яго;
  • прадастаўленне пераваг адной арганізацыі работнікаў з мэтай паставіць іншыя арганізацыі ў менш спрыяльнае становішча.

5. Узроўні сацыяльнага дыялогу

  • нацыянальны ўзровень;
  • галіновы ўзровень;
  • тэрытарыяльны ўзровень;
  • узровень прадпрыемства, установы або арганізацыі.

Па пагадненні бакоў сацыяльны дыялог можа ажыццяўляцца таксама на міжгаліновым, міжрэгіянальным і іншых узроўнях.

6. Нацыянальны савет па сацыяльным дыялогу

Для ажыццяўлення трохбаковага сацыяльнага дыялогу ствараецца Нацыянальны савет па сацыяльным дыялогу Рэспублікі Беларусь — пастаянна дзеючы трохбаковы орган. У яго склад уваходзяць прадстаўнікі Урада, прадстаўнічых арганізацый работнікаў і прадстаўнічых арганізацый наймальнікаў.

Бакі прадстаўлены на раўнапраўнай аснове і самастойна прызначаюць і адклікаюць сваіх прадстаўнікоў. Старшынства ажыццяўляецца па прынцыпе ратацыі. Арганізацыйнае і фінансавае забеспячэнне дзейнасці Савета не можа ствараць залежнасць арганізацый работнікаў або наймальнікаў ад Урада.

7. Паўнамоцтвы Нацыянальнага савета

  • кансультацыі па асноўных напрамках сацыяльна-эканамічнай палітыкі;
  • разгляд праектаў нарматыўных прававых актаў у сферы працы і сацыяльнай палітыкі;
  • разгляд пытанняў памеру мінімальнай заработнай платы і мінімальных сацыяльных стандартаў;
  • удзел у фарміраванні палітыкі занятасці;
  • разгляд пытанняў сацыяльнага страхавання і пенсійнай палітыкі;
  • абмеркаванне пытанняў бяспекі і аховы працы;
  • разгляд пытанняў прафесійнай падрыхтоўкі і перападрыхтоўкі работнікаў;
  • кансультацыі па пытаннях працоўнай міграцыі;
  • разгляд сацыяльных наступстваў планаваных эканамічных рэформ, прыватызацыі і рэструктурызацыі прадпрыемстваў;
  • кансультацыі па пытаннях выканання міжнародных працоўных стандартаў;
  • удзел у абмеркаванні ратыфікацыі канвенцый МАП і падрыхтоўцы адпаведных дакладаў;
  • маніторынг выканання Генеральнага пагаднення.

8. Абавязковыя кансультацыі

Дзяржаўныя органы абавязаны праводзіць папярэднія кансультацыі з прадстаўнічымі арганізацыямі работнікаў і наймальнікаў па праектах рашэнняў, якія непасрэдна закранаюць іх інтарэсы. Кансультацыі праводзяцца да прыняцця рашэння і ў тэрміны, якія дазваляюць сацыяльным партнёрам рэальна паўплываць на яго змест.

  • змены Працоўнага кодэкса;
  • заканадаўства аб прафесійных саюзах і арганізацыях наймальнікаў;
  • заканадаўства аб занятасці;
  • устанаўленне і змяненне мінімальнай заработнай платы;
  • змяненне асноўных правіл фарміравання заработнай платы;
  • рэфармаванне пенсійнай сістэмы і сістэмы сацыяльнага страхавання;
  • заканадаўства аб ахове працы;
  • рэгуляванне калектыўных працоўных спрэчак;
  • дзяржаўныя праграмы занятасці;
  • буйныя праграмы рэструктурызацыі і прыватызацыі прадпрыемстваў, здольныя істотна паўплываць на занятасць;
  • пытанні ратыфікацыі і рэалізацыі міжнародных працоўных стандартаў;

Кансультацыі не даюць якому-небудзь боку права абсалютнага вета. Калі рашэнне дзяржаўнага органа істотна адрозніваецца ад узгодненай пазіцыі сацыяльных партнёраў альбо прымаецца насуперак пазіцыі аднаго з бакоў, дзяржаўны орган абавязаны публічна абгрунтаваць такое рашэнне.

9. Калектыўныя перамовы

Работнікі праз свае арганізацыі і наймальнікі маюць права свабодна весці калектыўныя перамовы. Дзяржава абавязана садзейнічаць іх развіццю і стрымлівацца ад умяшання ў змест пагадненняў, якія заключаюцца бакамі.

Бок, які атрымаў прапанову аб пачатку калектыўных перамоваў, абавязаны ўступіць у перамовы ва ўстаноўлены законам тэрмін. Бакі абавязаны дзейнічаць добрасумленна, удзельнічаць праз паўнамоцных прадстаўнікоў, рэгулярна праводзіць перамовы, разглядаць прапановы другога боку, своечасова абменьвацца інфармацыяй і не дапускаць неабгрунтаванага зацягвання перамоўнага працэсу.

Абавязак добрасумленна весці перамовы не азначае абавязку прыняць прапанову другога боку або заключыць пагадненне на прапанаваных ім умовах.

Працягласць перамоваў абмяжоўваецца разумнымі тэрмінамі.

10. Права арганізацый работнікаў на інфармацыю

Для эфектыўнага ўдзелу ў сацыяльным дыялогу і калектыўных перамовах прадстаўнікі работнікаў маюць права атрымліваць ад наймальніка інфармацыю, неабходную для выканання іх функцый. Інфармацыя па ўсіх пунктах прадастаўляецца наймальнікам у выглядзе інфармацыйнай запіскі.

  • эканамічнае становішча арганізацыі;
  • структура занятасці;
  • колькасць работнікаў і формы іх занятасці;
  • сістэма аплаты працы і фонд заработнай платы;
  • прадукцыйнасць працы;
  • планаваная рэарганізацыя і магчымыя скарачэнні рабочых месцаў;
  • змяненне формы ўласнасці;
  • укараненне новых тэхналогій;
  • стан бяспекі і аховы працы.

Наймальнік мае права патрабаваць захавання канфідэнцыяльнасці толькі ў выпадках, калі яе канфідэнцыяльны характар аб'ектыўна абгрунтаваны. Аднясенне інфармацыі да камерцыйнай таямніцы не павінна выкарыстоўвацца для перашкаджання калектыўным перамовам.

11. Калектыўныя дагаворы і пагадненні

  • Генеральнае пагадненне;
  • галіновыя пагадненні;
  • тэрытарыяльныя пагадненні;
  • калектыўныя дагаворы;
  • іншыя пагадненні паміж сацыяльнымі партнёрамі.

Калектыўны дагавор або пагадненне не можа пагаршаць становішча работнікаў у параўнанні з мінімальнымі гарантыямі, устаноўленымі заканадаўствам. Пагадненні больш высокага ўзроўню могуць устанаўліваць мінімальныя ўмовы і гарантыі, якія дапускаецца паляпшаць у пагадненнях і калектыўных дагаворах больш нізкага ўзроўню.

Усе віды пагадненняў маюць імператыўную сілу і абавязковыя для выканання бакамі, якія іх падпісалі.

12. Генеральнае пагадненне

Генеральнае пагадненне заключаецца паміж Урадам, прадстаўнічымі арганізацыямі работнікаў і прадстаўнічымі арганізацыямі наймальнікаў і можа вызначаць узгодненыя пазіцыі бакоў у дачыненні да памеру мінімальнай аплаты працы, мінімальных сацыяльных стандартаў, занятасці, сацыяльнай абароны, бяспекі і аховы працы, прафесійнай адукацыі, працоўнай міграцыі, роўнасці і недыскрымінацыі, наступстваў эканамічных рэформ і развіцця калектыўных перамоваў.

Дзеянне Генеральнага пагаднення распаўсюджваецца на ўсіх наёмных работнікаў і наймальнікаў Рэспублікі Беларусь незалежна ад формы ўласнасці.

13. Сацыяльны дыялог на ўзроўні прадпрыемства

Наймальнік абавязаны інфармаваць і кансультавацца з прадстаўнікамі работнікаў да прыняцця рашэнняў, здольных істотна закрануць становішча работнікаў. Кансультацыі павінны пачынацца на стадыі, калі прадстаўнікі работнікаў яшчэ маюць рэальную магчымасць паўплываць на змест рашэння.

  • масавае звальненне (скарачэнне колькасці) работнікаў;
  • рэарганізацыя прадпрыемства;
  • прыватызацыя або змяненне формы ўласнасці;
  • істотнае змяненне сістэмы аплаты працы;
  • істотнае змяненне рэжыму рабочага часу;
  • перавод значнай колькасці работнікаў на іншыя формы занятасці;
  • укараненне тэхналогій, здольных прывесці да істотнага скарачэння рабочых месцаў;
  • укараненне сістэм аўтаматызаванага кантролю або маніторынгу работнікаў;
  • істотнае змяненне ўмоў бяспекі і аховы працы:
  • перавод прадпрыемства ў іншы рэгіён або іншую краіну.

14. Гарантыі прадстаўнікам работнікаў

Прадстаўнікі работнікаў карыстаюцца спецыяльнай абаронай у сувязі з выкананнем імі прадстаўнічых функцый. Забараняюцца звальненне, перавод, зніжэнне заработнай платы, змяненне ўмоў працы, дысцыплінарнае пераследаванне альбо іншыя неспрыяльныя дзеянні ў сувязі з членствам у прафсаюзе, стварэннем прафсаюза, выкананнем функцый прадстаўніка работнікаў, удзелам у калектыўных перамовах, падачай скаргі на парушэнне працоўных або прафсаюзных правоў, а таксама ўдзелам у законных калектыўных дзеяннях.

Прадстаўнікам работнікаў прадастаўляецца неабходны аплачваны час для выканання іх функцый і доступ да рабочых месцаў у межах, неабходных для ажыццяўлення прадстаўніцтва, праходжання навучання па накіраванні прафсаюза.

15. Калектыўныя працоўныя спрэчкі

Калектыўная працоўная спрэчка павінна вырашацца з выкарыстаннем паслядоўных працэдур непасрэдных перамоваў, прымірэння, пасярэдніцтва і добраахвотнага працоўнага арбітражу.

Для аказання дапамогі бакам ствараецца незалежная Нацыянальная служба пасярэдніцтва і працоўнага арбітражу. Пасярэднікі і працоўныя арбітры павінны быць незалежнымі ад органаў дзяржаўнай улады, арганізацый работнікаў і арганізацый наймальнікаў. Выкарыстанне прымірэнчых працэдур не павінна ператварацца ў механізм неабгрунтаванага абмежавання права работнікаў на калектыўныя дзеянні.

16. Права на калектыўныя дзеянні і страйк

Права работнікаў і іх арганізацый на страйк з'яўляецца неад'емнай складовай свабоды аб'яднання і адным з асноўных сродкаў калектыўнай абароны эканамічных і сацыяльных інтарэсаў работнікаў. Страйк не патрабуе папярэдняга дазволу дзяржаўнага органа або наймальніка.

Пад страйкам разумеецца часовая добраахвотная калектыўная адмова работнікаў поўнасцю або часткова выконваць працу альбо іншае ўзгодненае прыпыненне працы з мэтай абароны іх эканамічных, сацыяльных і прафесійных інтарэсаў.

Права на страйк належыць работнікам і іх арганізацыям. Прафесійныя саюзы маюць права арганізоўваць і праводзіць страйкі ў адпаведнасці са сваімі статутамі і законам. На прадпрыемстве, дзе адсутнічае прафесійны саюз, рашэнне аб страйку можа прымацца непасрэдна работнікамі праз свабодна абранае прадстаўніцтва або сход работнікаў.

16.1. Мэты страйку

Страйк можа праводзіцца ў мэтах:

  • абароны эканамічных і сацыяльных інтарэсаў работнікаў;
  • дасягнення калектыўнага пагаднення або калектыўнага дагавора;
  • змянення ўмоў працы і аплаты працы;
  • супрацьдзеяння масавым звальненням, рэструктурызацыі або іншым рашэнням, якія істотна закранаюць занятасць;
  • абароны свабоды аб'яднання і права на калектыўныя перамовы;
  • пратэсту супраць парушэнняў працоўных і прафсаюзных правоў;
  • падтрымкі законных патрабаванняў іншых работнікаў і арганізацый работнікаў;
  • пратэсту супраць рашэнняў дзяржаўных органаў па планаванні і ажыццяўленні дзеянняў, якія вядуць да пагаршэння жыцця грамадзян.

Закон не павінен абмяжоўваць страйк выключна спрэчкамі, непасрэдна звязанымі са зместам канкрэтнага калектыўнага дагавора, калі калектыўныя дзеянні накіраваны на абарону эканамічных і сацыяльных інтарэсаў работнікаў.

16.2. Прыняцце рашэння аб страйку

Парадак прыняцця рашэння аб страйку павінен быць дэмакратычным, зразумелым і не ствараць празмерных перашкод для рэалізацыі права на калектыўныя дзеянні. Закон можа прадугледжваць правядзенне галасавання работнікаў або прыняцце рашэння упаўнаважаным прафсаюзным органам, аднак патрабаванні да кворуму і большасці не павінны фактычна рабіць арганізацыю страйку немагчымай.

Дзяржава і наймальнік не маюць права ўмешвацца ў працэс прыняцця работнікамі або прафесійным саюзам рашэння аб страйку, праводзіць альтэрнатыўныя галасаванні з мэтай перашкодзіць страйку альбо аказваць ціск на работнікаў у сувязі з іх пазіцыяй.

16.3. Папярэднія прымірэнчыя працэдуры

Да пачатку страйку закон можа прадугледжваць разумныя працэдуры перамоваў, прымірэння або пасярэдніцтва. Такія працэдуры павінны быць аператыўнымі, незалежнымі і не могуць выкарыстоўвацца для неапраўданага зацягвання альбо фактычнага блакіравання страйку.

Абавязковы працоўны арбітраж да пачатку страйку дапускаецца толькі ў выпадках, калі абмежаванне або забарона страйку адпавядае міжнародным працоўным стандартам. У астатніх выпадках арбітраж ажыццяўляецца выключна па пагадненні бакоў.

16.4. Апавяшчэнне аб страйку

Арганізатары страйку апавяшчаюць наймальніка аб яго пачатку ў разумны тэрмін, устаноўлены законам. Тэрмін апавяшчэння павінен забяспечваць магчымасць працягу перамоваў і прыняцця неабходных мер бяспекі, але не павінен выкарыстоўвацца як сродак абмежавання права на страйк.

Апавяшчэнне павінна змяшчаць меркаваны час пачатку страйку, яго асноўныя патрабаванні і, калі неабходна, прапановы па забеспячэнні мінімальна неабходных паслуг. Ад арганізатараў не можа патрабавацца раскрыццё персанальных даных усіх удзельнікаў страйку.

16.5. Гарантыі ўдзельнікаў страйку

Удзел у законным мірным страйку не з'яўляецца парушэннем працоўнай дысцыпліны і не можа служыць падставай для звальнення, дысцыплінарнага спагнання, перавода, зніжэння заработнай платы на будучыню, адмовы ў прасоўванні альбо іншай дыскрымінацыі.

За час удзелу ў страйку заработная плата можа не начыслівацца, калі іншае не прадугледжана калектыўным дагаворам, пагадненнем паміж бакамі альбо законам. Само па сабе неначыслэнне заработнай платы за фактычна не адпрацаваны час не з'яўляецца санкцыяй.

Не дапускаецца грамадзянская, адміністрацыйная або крымінальная адказнасць работнікаў і прадстаўнікоў іх арганізацый выключна за арганізацыю або ўдзел у мірным страйку. Адказнасць за індывідуальныя супрацьпраўныя дзеянні можа наступаць толькі на агульных падставах і не павінна выкарыстоўвацца для пераследавання калектыўнай дзейнасці.

16.6. Забарона замены бастуючых работнікаў

Наймальніку забараняецца выкарыстоўваць часовых работнікаў, работнікаў іншых арганізацый альбо іншыя формы прыцягнення рабочай сілы выключна з мэтай сарваць законны страйк або пазбавіць яго практычнай эфектыўнасці.

Замена бастуючых работнікаў можа дапускацца ў выключных выпадках для забеспячэння мінімальна неабходных паслуг у жыццёва важных службах альбо пры ўзнікненні вострага нацыянальнага крызісу, калі без такой меры існуе непасрэдная пагроза жыццю, асабістай бяспецы або здароўю насельніцтва.

16.7. Мінімальна неабходныя паслугі

Мінімальна неабходныя паслугі падчас страйку могуць устанаўлівацца толькі ў аб'ёме, неабходным для абароны жыцця, асабістай бяспекі і здароўя насельніцтва, а таксама ў іншых выключных выпадках, якія дапускаюцца міжнароднымі працоўнымі стандартамі. Мінімальныя паслугі не павінны зводзіць страйк да фармальнасці або пазбаўляць яго здольнасці аказваць эканамічны і сацыяльны ціск.

Аб'ём мінімальна неабходных паслуг і колькасць работнікаў, неабходных для іх выканання, вызначаюцца з абавязковым удзелам адпаведных арганізацый работнікаў і наймальнікаў. Пры адсутнасці пагаднення спрэчка вырашаецца незалежным органам, а не міністэрствам, наймальнікам або іншым непасрэдна зацікаўленым органам выканаўчай улады.

16.8. Абмежаванне або забарона страйку

Права на страйк можа быць абмежавана або забаронена законам толькі для:

  • ваеннаслужачых і супрацоўнікаў паліцыі ў межах, апраўданых характарам іх функцый;
  • дзяржаўных служачых, якія ажыццяўляюць уладныя паўнамоцтвы ад імя дзяржавы;
  • работнікаў жыццёва важных служб у строгім сэнсе гэтага паняцця, спыненне работы якіх стварыла б непасрэдную пагрозу жыццю, асабістай бяспецы або здароўю ўсяго насельніцтва альбо яго часткі;
  • выключных сітуацый вострага нацыянальнага крызісу на перыяд існавання такой пагрозы.

Пры абмежаванні або забароне права на страйк для пэўных катэгорый работнікаў дзяржава абавязана забяспечыць хуткія, незалежныя і непрадузятыя працэдуры прымірэння і арбітражу, рашэнні якіх з'яўляюцца абавязковымі і своечасова выконваюцца.

Пералік жыццёва важных служб не павінен вызначацца празмерна шырока. Аднясенне галіны да дзяржаўнага сектара, транспарту, адукацыі, прамысловасці або іншай грамадска значнай сферы само па сабе не з'яўляецца дастатковай падставай для поўнай забароны страйку.

16.9. Судовы кантроль

Прызнанне страйку незаконным, яго забарона або абавязковае спыненне дапускаюцца толькі на падставе рашэння незалежнага суда. Органы выканаўчай улады і наймальнікі не маюць права самастойна аб'яўляць страйк незаконным.

Судовае разбіральніцтва павінна быць тэрміновым і састязальным, з абавязковым удзелам арганізатараў страйку. Абмежаванне права на страйк павінна быць неабходным, суразмерным і заснаваным на непасрэдна прадугледжаных законам акалічнасцях.

Прымяненне забеспячальных мер, якія фактычна спыняюць страйк да разгляду справы па сутнасці, дапускаецца толькі ў выключных выпадках непасрэднай пагрозы жыццю, асабістай бяспецы або здароўю людзей.

16.10. Страйкавыя камітэты і прадстаўнікі работнікаў

Работнікі і іх арганізацыі маюць права ствараць страйкавыя камітэты або іншыя органы для каардынацыі калектыўных дзеянняў, вядзення перамоваў і ўзаемадзеяння з наймальнікам. Прадстаўнікі такіх органаў карыстаюцца гарантыямі, устаноўленымі для прадстаўнікоў работнікаў, і не могуць падвяргацца пераследаванню ў сувязі з выкананнем сваіх функцый.

16.11. Салідарныя калектыўныя дзеянні

Работнікі і прафесійныя саюзы маюць права праводзіць мірныя акцыі салідарнасці ў падтрымку патрабаванняў іншых работнікаў і арганізацый работнікаў, калі такія дзеянні звязаны з абаронай эканамічных, сацыяльных або прафсаюзных інтарэсаў. Заканадаўства не павінна ўстанаўліваць агульную забарону на салідарныя страйкі.

16.12. Спыненне страйку і пагадненне бакоў

Страйк спыняецца па рашэнні органа або работнікаў, якія прынялі рашэнне аб яго правядзенні, унаслядак дасягнення пагаднення бакоў альбо ў іншых выпадках, устаноўленых законам у адпаведнасці з міжнароднымі працоўнымі стандартамі.

Пагадненне, дасягнутае ў ходзе страйку, афармляецца пісьмова і з'яўляецца абавязковым для бакоў. Спыненне страйку не пазбаўляе работнікаў права кантраляваць выкананне дасягнутага пагаднення і аднавіць законныя калектыўныя дзеянні пры яго істотным парушэнні ў парадку, устаноўленым законам.

17. Сацыяльны дыялог у дзяржаўным сектары

Работнікам дзяржаўных органаў, устаноў і дзяржаўных прадпрыемстваў забяспечваецца права на арганізацыю, прадстаўніцтва і калектыўныя перамовы. Асаблівы парадак рэалізацыі гэтых правоў можа ўстанаўлівацца законам толькі для абмежаванага кола катэгорый работнікаў з улікам характару выконваемых імі функцый. Дзяржаўная форма ўласнасці альбо бюджэтнае фінансаванне самі па сабе не з'яўляюцца падставай для абмежавання калектыўнага прадстаўніцтва.

18. Сацыяльны дыялог пры правядзенні эканамічных рэформ

Пры падрыхтоўцы структурных эканамічных рэформ дзяржава абавязана праводзіць кансультацыі з прадстаўнічымі арганізацыямі работнікаў і наймальнікаў адносна іх сацыяльных наступстваў.

  • прыватызацыя буйных дзяржаўных прадпрыемстваў;
  • рэструктурызацыя асобных галін эканомікі;
  • масавае скарачэнне занятасці;
  • рэфармаванне сістэмы дзяржаўных прадпрыемстваў;
  • змяненне пенсійнай сістэмы;
  • значныя змяненні сістэмы сацыяльнай абароны;
  • праграмы эканамічнай трансфармацыі, здольныя істотна паўплываць на рынак працы.

У рамках кансультацый павінны разглядацца меры па захаванні і стварэнні рабочых месцаў, прафесійнай перападрыхтоўцы работнікаў, падтрымцы асоб, якія страцілі працу, развіцці рэгіёнаў, залежных ад асобных прадпрыемстваў або галін, і справядлівым размеркаванні сацыяльных наступстваў рэформ.

19. Удзел сацыяльных партнёраў у нарматворчасці

Праекты нарматыўных прававых актаў, якія непасрэдна закранаюць працоўныя і сацыяльна-эканамічныя правы работнікаў і наймальнікаў, да іх прыняцця накіроўваюцца прадстаўнічым арганізацыям сацыяльных партнёраў. Закон устанаўлівае мінімальны тэрмін для прадастаўлення заўваг і прапаноў. Вынікі кансультацый публікуюцца, а істотнае адхіленне прапаноў сацыяльных партнёраў падлягае матываванаму абгрунтаванню.

Празрыстасць сацыяльнага дыялогу

Бакі сацыяльнага дыялогу могуць свабодна распаўсюджваць інфармацыю ў СМІ і сацыяльных сетках для зацікаўленых асоб.

  • склад органаў сацыяльнага дыялогу;
  • парадкі дня пасяджэнняў;
  • праекты рашэнняў;
  • пратаколы пасяджэнняў;
  • пазіцыі бакоў;
  • заключаныя пагадненні;
  • інфармацыя аб ходзе іх выканання.

Абмежаванне доступу да інфармацыі дапускаецца толькі ў выпадках, прама прадугледжаных законам.

21. Адказнасць за парушэнне заканадаўства аб сацыяльным дыялогу

  • умяшанне ў дзейнасць арганізацый работнікаў або наймальнікаў;
  • стварэнне падкантрольных наймальніку арганізацый работнікаў;
  • дыскрымінацыя прадстаўнікоў работнікаў;
  • перашкаджанне дзейнасці прафесійных саюзаў;
  • ухіленне ад калектыўных перамоваў;
  • неабгрунтаваная адмова ў прадастаўленні неабходнай для перамоваў інфармацыі;
  • прадастаўленне заведама недакладнай інфармацыі;
  • парушэнне калектыўных дагавораў і пагадненняў;
  • пераследаванне работнікаў за ўдзел у прафсаюзнай дзейнасці, сацыяльным дыялогу і законных калектыўных дзеяннях.

Санкцыі павінны быць эфектыўнымі, суразмернымі парушэнню і мець дастатковы прэвентыўны эфект.

Прадстаўнічасць арганізацый работнікаў і фарміраванне боку работнікаў

Прадстаўнічасць арганізацый работнікаў вызначаецца выключна на аснове аб'ектыўных, празрыстых і загадзя ўстаноўленых законам крытэрыяў. Мэта вызначэння прадстаўнічасці складаецца не ў абмежаванні прафсаюзнага плюралізму, а ў фарміраванні органаў сацыяльнага дыялогу такім чынам, каб яны адлюстроўвалі рэальна існуючае прадстаўніцтва работнікаў.

22. Забарона аўтаматычнай або ўнаследаванай прадстаўнічасці

Ніводная прафесійная арганізацыя, федэрацыя або канфедэрацыя не можа прызнавацца прадстаўніком усіх работнікаў Рэспублікі Беларусь выключна ў сілу гістарычнага статусу, папярэдняга ўдзелу ў дзяржаўных органах сацыяльнага партнёрства, наяўнасці маёмасці і інфраструктуры, унаследаванай колькасці альбо рашэння органа дзяржаўнай улады.

Пасля ўступлення ў сілу новага заканадаўства ўсе арганізацыі работнікаў, якія прэтэндуюць на ўдзел у нацыянальным або галіновым сацыяльным дыялогу, праходзяць адзіную працэдуру пацвярджэння прадстаўнічасці незалежна ад іх папярэдняга юрыдычнага статусу.

23. Прынцып свабоднай прадстаўнічасці

Права прадстаўляць работнікаў у сацыяльным дыялогу належыць арганізацыям, свабодна створаным самімі работнікамі і незалежным ад дзяржавы, наймальнікаў і палітычных арганізацый.

Арганізацыя не можа быць прызнана прадстаўнічай, калі ўстаноўлена, што яна знаходзіцца пад кантролем органаў дзяржаўнай улады або наймальнікаў; дзяржаўныя органы або наймальнікі ўмешваюцца ў прызначэнне або абранне яе кіруючых органаў; членства фарміравалася шляхам прымусу або адміністрацыйнага ціску; альбо арганізацыя не валодае фактычнай аўтаноміяй у вызначэнні сваёй праграмы, структуры і дзейнасці.

24. Пераходны статус арганізацый ранейшай сістэмы

У дачыненні да арганізацый работнікаў, дзейнасць якіх да дэмакратычнага пераходу ажыццяўлялася ва ўмовах істотнага дзяржаўнага ўмяшання, праводзіцца незалежная ацэнка іх арганізацыйнай аўтаноміі. Такая ацэнка не павінна грунтавацца выключна на палітычнай пазіцыі арганізацыі або яе кіраўнікоў.

  • ступень умяшання дзяржавы або наймальнікаў у дзейнасць арганізацыі;
  • парадак фарміравання кіруючых органаў;
  • наяўнасць выпадкаў прымусу работнікаў да членства;
  • выкарыстанне адміністрацыйнага рэсурсу для забеспячэння членства;
  • удзел кіруючых структур арганізацыі ў пераследаванні незалежных прафсаюзаў або іх членаў;
  • выкарыстанне маёмасці, фінансавых рэсурсаў або іншых пераваг, прадастаўленых дзяржавай на дыскрымінацыйнай аснове;
  • рэальная магчымасць членаў свабодна змяняць кіраўніцтва і вызначаць палітыку арганізацыі.

Па выніках ацэнкі арганізацыя можа пацвердзіць незалежнасць і ўдзельнічаць у працэдуры вызначэння прадстаўнічасці; прайсці ўнутраную дэмакратычную рэарганізацыю; часова страціць права ўдзелу ў органах сацыяльнага дыялогу да ўхілення парушэнняў; альбо быць ліквідавана або забаронена выключна на падставе закона і рашэння незалежнага суда.

Незалежная ацэнка арганізацыйнай аўтаноміі арганізацыі праводзіцца з удзелам прадстаўнікоў МАП і іншых міжнародных арганізацый у якасці экспертаў.

25. Магчымая забарона або ліквідацыя ФПБ і іншых арганізацый

Закон не павінен загадзя ўстанаўліваць забарону канкрэтнай прафсаюзнай арганізацыі па яе назве. Дзейнасць ФПБ і яе структурных падраздзяленняў у пераходны перыяд прыпыняецца. Калі ў пераходны перыяд у дачыненні да Федэрацыі прафсаюзаў Беларусі альбо іншай арганізацыі будуць устаноўлены прадугледжаныя законам падставы для забароны або ліквідацыі, адпаведнае рашэнне прымаецца выключна незалежным судом з захаваннем права на абарону і міжнародных абавязацельстваў Рэспублікі Беларусь.

Сам факт папярэдняга членства работнікаў у такой арганізацыі не з'яўляецца падставай для адказнасці гэтых работнікаў. Не дапускаецца калектыўная адказнасць членаў за дзеянні кіраўніцтва арганізацыі.

26. Наступствы забароны, ліквідацыі або страты прадстаўнічасці

Забарона, ліквідацыя або страта прадстаўнічасці адной прафсаюзнай арганізацыі не цягне за сабой аўтаматычнай перадачы яе месцаў у органах сацыяльнага дыялогу, членаў, паўнамоцтваў або статусу іншай арганізацыі. Работнікі маюць права:

  • уступіць у іншы існуючы прафесійны саюз;
  • стварыць новы прафесійны саюз;
  • застацца па-за прафсаюзнай арганізацыяй.

Членства не пераходзіць да іншай арганізацыі па прынцыпе правапераемства. БКДП, іншая існуючая канфедэрацыя або нанова створаныя аб'яднанні не атрымліваюць аўтаматычнай манаполіі ўнаслядак спынення дзейнасці іншай арганізацыі.

Заключаныя раней калектыўныя пагадненні працягваюць дзейнічаць да заканчэння іх тэрміну.

27. Маёмасць ліквідаванай або забароненай арганізацыі

Пытанне аб лёсе маёмасці арганізацыі вырашаецца асобна ад пытання прафсаюзнага прадстаўніцтва. Маёмасць не можа аўтаматычна перадавацца дзяржаве, БКДП, іншай прафсаюзнай арганізацыі альбо найбольш буйной канфедэрацыі.

Законам устанаўліваецца спецыяльны механізм вызначэння паходжання актываў. Маёмасць, сфарміраваная за кошт членскіх узносаў работнікаў і прызначаная для прафсаюзнай дзейнасці, павінна па магчымасці захоўваць сваё сацыяльнае прызначэнне. Для кіравання спрэчнымі актывамі на пераходны перыяд можа ствараецца незалежны часовы траст або фонд пад грамадскім і судовым кантролем.

28. Крытэрыі нацыянальнай прадстаўнічасці

Нацыянальна прадстаўнічай можа быць прызнана канфедэрацыя, федэрацыя альбо іншае аб'яднанне прафесійных саюзаў, якое адпавядае сукупнасці крытэрыяў незалежнасці, рэальнай дзейнасці, дэмакратычнага кіравання, тэрытарыяльнага і галіновага ахопу, празрыстага ўліку членства і фінансаў.

Для нацыянальнага ўзроўню рэкамендуецца выкарыстоўваць камбінаваны крытэрый, які не стварае перавагі выключна за кошт унаследаванай масавай колькасці не менш за 5 працэнтаў работнікаў, якія складаюцца ў прафесійных саюзах; альбо істотная пацверджаная прадстаўленасць не менш чым у пяці секторах эканомікі і дзейнасць не менш чым у палове абласцей Рэспублікі Беларусь і горадзе Мінску.

Канкрэтныя парогавыя значэнні павінны быць дадаткова правераны на этапе падрыхтоўкі законапраекта з улікам структуры занятасці і прафсаюзнага членства пасля дэмакратычнага пераходу.

29. Праверка членства

Колькасць арганізацыі вызначаецца па колькасці работнікаў, якія плацяць узносы і добраахвотна пацвердзілі членства. Не павінны аўтаматычна ўлічвацца асобы, членства якіх немагчыма пацвердзіць, работнікі, уключаныя ў спісы без індывідуальнага волевыяўлення, альбо асобы, узносы за якіх пералічваліся без пацверджанай згоды.

Пацвярджэнне колькасці праводзіцца незалежным органам з захаваннем заканадаўства аб абароне персанальных даных. Перадача дзяржаўным органам поўных спісаў членаў прафесійных саюзаў не дапускаецца. Для праверкі выкарыстоўваюцца абезасобленыя рэестры, незалежны аўдыт і іншыя метады, якія выключаюць стварэнне дзяржавай базы даных прафсаюзнага членства.

30. Незалежны орган па пытаннях прадстаўнічасці

Прапануецца стварыць незалежную Камісію па прадстаўнічасці сацыяльных партнёраў. Камісія не ўваходзіць у структуру Урада, Міністэрства працы або іншых органаў выканаўчай улады. У склад Камісіі ў якасці экспертаў могуць запрашацца прадстаўнікі МАП і іншых міжнародных арганізацый. У асноўныя функцыі Камісіі ўваходзіць:

  • пацвярджэнне статусу прадстаўнічых арганізацый;
  • праверка выканання крытэрыяў прадстаўнічасці;
  • разгляд спрэчак аб колькасці і прадстаўніцтве;
  • публікацыя рашэнняў і іх абгрунтаванняў;
  • перыядычная праверка прадстаўнічасці.

Рашэнні Камісіі падлягаюць эфектыўнаму судоваму абскарджанню. Склад Камісіі павінен выключаць дамінаванне прадстаўнікоў выканаўчай улады, арганізацый работнікаў, наймальнікаў або палітычных партый.

31. Перыядычнасць пацвярджэння прадстаўнічасці

Статус прадстаўнічай арганізацыі не з'яўляецца бестэрміновым. На нацыянальным і галіновым узроўнях прадстаўнічасць пацвярджаецца кожныя чатыры гады. Датэрміновая страта статусу дапускаецца толькі ў выпадках спынення дзейнасці, страты ўстаноўленых крытэрыяў, пацверджанага судом істотнага парушэння прынцыпу незалежнасці або прадастаўлення заведама ілжывых даных.

32. Размеркаванне месцаў у Нацыянальным савеце

Бок работнікаў самастойна фарміруе сваю дэлегацыю. Дзяржава не ўдзельнічае ў размеркаванні месцаў паміж арганізацыямі работнікаў. Усе арганізацыі, прызнаныя нацыянальна прадстаўнічымі, маюць права ўдзельнічаць у фарміраванні дэлегацыі.

Прапануецца змешаная мадэль: не менш за палову месцаў боку работнікаў размяркоўваецца такім чынам, каб гарантаваць удзел усіх нацыянальна прадстаўнічых арганізацый, астатнія месцы — прапарцыянальна пацверджанай колькасці. Пры наяўнасці некалькіх нацыянальна прадстаўнічых арганізацый ніводная арганізацыя не павінна атрымліваць больш за 50 працэнтаў месцаў боку работнікаў.

33. Фарміраванне пазіцыі боку работнікаў

Наяўнасць некалькіх арганізацый не азначае абавязку мець адзіную пазіцыю па кожным пытанні. Арганізацыі маюць права выпрацоўваць сумесную пазіцыю, прадстаўляць асобныя пазіцыі, фіксаваць асобую думку і публікаваць уласныя заключэнні. Парадак фарміравання агульнай пазіцыі вызначаецца самімі прадстаўнічымі арганізацыямі работнікаў, а не дзяржавай.

Пераход да новай сістэмы сацыяльнага дыялогу

Паўнавартаснае функцыянаванне сацыяльнага дыялогу немагчыма без аднаўлення свабоды аб'яднання і фарміравання незалежнага і справядлівага суда. Пераходная сістэма павінна адначасова выключыць захаванне адміністрацыйнай манаполіі старых структур і прадухіліць замену яе новай манаполіяй.

34. Першы этап: аднаўленне асноўных свабод

  • ліквідацыя заканадаўчых і адміністрацыйных перашкод для свабоднага стварэння і дзейнасці прафесійных саюзаў;
  • аднаўленне права незалежных прафсаюзных арганізацый на законную дзейнасць;
  • спыненне ўмяшання дзяржавы і наймальнікаў ва ўнутраную дзейнасць арганізацый работнікаў;
  • ліквідацыя наступстваў пераследавання работнікаў за законную прафсаюзную дзейнасць;
  • прывядзенне заканадаўства аб прафесійных саюзах у адпаведнасць з міжнароднымі працоўнымі стандартамі;
  • стварэнне ўмоў для рэальнага прафсаюзнага плюралізму.

Дзяржаўныя органы кампенсуюць незаконную забарону дзейнасці і страчаныя магчымасці БКДП і яго членскіх арганізацый прадастаўленнем ім у бязвыплатнае карыстанне неабходныя для іх дзейнасці памяшканні, абсталяванне і іншыя неабходныя матэрыяльныя сродкі па іх патрабаванні на пераходны перыяд.

35. Другі этап: часовая мадэль прадстаўніцтва

На працягу першых двух гадоў пасля ўступлення ў сілу новага заканадаўства прымяняецца пераходная сістэма. На гэтым этапе асноўнай задачай з'яўляецца не вызначэнне найбуйнейшай арганізацыі, а аднаўленне свабоднага прафсаюзнага руху і стварэнне ўмоў для свабоднага самавызначэння работнікаў.

Да першай паўнавартаснай працэдуры пацвярджэння прадстаўнічасці ў нацыянальным сацыяльным дыялогу забяспечваецца ўдзел адноўленых незалежных прафсаюзаў, нанова створаных свабодных арганізацый і арганізацый ранейшай сістэмы, якія пацвердзілі сваю арганізацыйную незалежнасць. Часовае размеркаванне месцаў грунтуецца на прынцыпе плюралізму і не стварае бестэрміновых пераваг.

36. Трэці этап: першая нацыянальная праверка прадстаўнічасці

Не пазней чым праз два гады пасля пачатку рэформы праводзіцца першая агульнанацыянальная працэдура вызначэння прадстаўнічасці на аснове абноўленых даных аб добраахвотным членстве, фактычнай дзейнасці арганізацый, галіновым і тэрытарыяльным ахопе.

Па выніках гэтай працэдуры фарміруецца пастаянны склад боку работнікаў Нацыянальнага савета па сацыяльным дыялогу і ствараюцца галіновыя і тэрытарыяльныя органы сацыяльнага дыялогу.

37. Чацвёрты этап: ацэнка эфектыўнасці

Пасля завяршэння першага цыклу работы новай сістэмы праводзіцца яе комплексная ацэнка з удзелам сацыяльных партнёраў, незалежных экспертаў і, пры неабходнасці, Міжнароднай арганізацыі працы. Па выніках ацэнкі карэктуюцца крытэрыі прадстаўнічасці, працэдуры кансультацый і калектыўных перамоваў.

Міжнародныя стандарты

Пры распрацоўцы Закона «Аб сацыяльным дыялогу» і звязаных з ім змяненняў заканадаўства павінны ўлічвацца палажэнні і прынцыпы наступных міжнародных працоўных стандартаў:

Канвенцыя МАП № 87 аб свабодзе аб'яднання і абароне права аб'ядноўвацца ў прафсаюзы;

Канвенцыя МАП № 98 аб праве на арганізацыю і вядзенне калектыўных перамоваў;

Канвенцыя МАП № 135 аб прадстаўніках работнікаў;

Канвенцыя МАП № 144 аб трохбаковых кансультацыях;

Канвенцыя МАП № 151 аб працоўных адносінах на дзяржаўнай службе;

Канвенцыя МАП № 154 аб садзейнічанні калектыўным перамовам;

Рэкамендацыя МАП № 91 аб калектыўных дагаворах;

Рэкамендацыя МАП № 113 аб кансультацыях на галіновым і нацыянальным узроўнях;

Рэкамендацыя МАП № 143 аб прадстаўніках работнікаў;

Рэкамендацыя МАП № 152 аб трохбаковых кансультацыях;

Рэкамендацыя МАП № 163 аб садзейнічанні калектыўным перамовам.

Кансультатыўны заключэнне Міжнароднага суда ААН ад 21 мая 2026 года па пытанні «Права на страйк у адпаведнасці з Канвенцыяй МАП № 87», якое пацвердзіла, што права работнікаў і іх арганізацый на страйк абаронена Канвенцыяй МАП № 87;

Асобная ўвага пры рэалізацыі рэформы павінна ўдзяляцца выкананню рэкамендацый Камісіі МАП па расследаванні ў дачыненні да Беларусі і ўхіленню сістэмных парушэнняў свабоды аб'яднання і права на калектыўныя перамовы.

Чаканыя вынікі рэформы

  • стварэнне інстытуцыянальнай асновы для рэальнага трохбаковага сацыяльнага дыялогу;
  • забеспячэнне незалежнага прадстаўніцтва работнікаў і наймальнікаў;
  • аднаўленне прафсаюзнага плюралізму;
  • выключэнне магчымасці адміністрацыйнага вызначэння дзяржавай прадстаўнікоў работнікаў;
  • недапушчэнне замены ранейшай прафсаюзнай манаполіі новай манаполіяй;
  • павышэнне ролі калектыўных перамоваў у рэгуляванні ўмоў працы і заработнай платы;
  • удзел сацыяльных партнёраў у фарміраванні сацыяльна-эканамічнай палітыкі;
  • стварэнне механізмаў папярэдняга абмеркавання сацыяльных наступстваў эканамічных рэформ;
  • зніжэнне рызыкі вострых сацыяльных і працоўных канфліктаў;
  • стварэнне эфектыўнай сістэмы мірнага вырашэння калектыўных працоўных спрэчак;
  • павышэнне якасці працоўнага і сацыяльнага заканадаўства;
  • прывядзенне заканадаўства і практыкі Рэспублікі Беларусь у адпаведнасць з міжнароднымі працоўнымі стандартамі.

Выніковая мадэль

Вынікам рэформы павінна стаць замена адміністрацыйнай мадэлі «сацыяльнага партнёрства» сістэмай рэальнага сацыяльнага дыялогу, у якой дзяржава, работнікі і наймальнікі ўзаемадзейнічаюць як самастойныя і незалежныя бакі. Ніводная арганізацыя работнікаў — незалежна ад яе гістарычнага статусу, папярэдняй колькасці або маёмаснай базы — не павінна атрымліваць аўтаматычнай манаполіі на прадстаўніцтва. Прадстаўнічасць павінна пацвярджацца свабодным выбарам работнікаў і аб'ектыўнымі, аднолькавымі для ўсіх правіламі.